+375(29) 259 16 35
+375(29) 314 35 46
Мінск
Карвата, 2
МУЗЫЧНАЯ ШКОЛА БРАЙНІНА Ў МІНСКУ На русском
ШКОЛА Дадаткова МЕТАД НАВУЧАННЕ
МЕТАД: СУТНАСЦЬ АБ АЎТАРЫ ЧП: частыя пытанні

 

Мы паспрабавалі растлумачыць сутнасць метаду для тых, хто не жадае стамляцца музыказнаўчымі падрабязнасцямі, то бок для бацькоў і зацікаўленых чатачоў. Калі абагульняць, сутнасць метаду – у імкненні навучыць разумець “складаную” музыку. Гучыць па-шарлатанскі прыгожа, але неканкрэтна, таму – крыху падрабязней. Справа ў тым, што музычная тканіна, мова, фактура, архітэктура – тое, што гучыць і адных натхняе і задавальняе, а іншых хіліць на сон – валодае пэўнымі заканамернасцямі арганізацыі і развіцця. Уявіце, што вы слухаеце апавяданне. Каб узяць з яго ўсё вартае ўвагі ў плане сэнса і эстэтыкі, вы павінны:
па-першае, ведаць мову, на якой вы слухаеце апавяданне – умова самая базавая, але без яе аніяк;
па-другое, мець нейкі мастацкі і побытавы вопыт, каб разумець, што адчуваюць героі на віражах сюжэта і што ўвогуле адбываецца – гэтага ўжо дастаткова для вашай зацікаўленасці ў тым, што вы слухаеце;
па-трэцяе, вы здольныя ацаніць манеру пісьма, стыль і форму апавядання і з гэтага мець падставу для меркаванняў наконт аўтара і часу напісання твора – тут трэба мець пэўную літаратурную дасведчанасць;
па-чацвёртае, вы атрымліваеце порцыю мастацкай інфармацыі, якая пабуджае вас да разважанняў, дае новыя эмоцыі і ў рэшце рэшт новы духоўны вопыт – гэта, як разумееце, 80 level. Гэтая відавочная мадэль працуе і ў адносінах да музычных твораў, хоць на першы погляд гэта, як раз, невідавочна, таму што тое, што людзі кніжныя называюць музычнай мовай – з’ява больш складаная, чым вербальнае маўленне ці нават літаратурная мова, бо кожнае “слова” у ім можа несці мноства значэнняў і варыянтаў сэнсу. Але ў гэтым і шчасце: нам так падабаецца слухаць музыку, таму што кожны чуе ў ёй блізкія эмоцыі і думкі, знаходзячы свае асабістыя падрабязнасці ў агульнай канве.
На гэтым этапе мы зразумелі, што ўсё складана, але ці так гэта ў рэальным жыцці?
Неабходна адзначыць, што мы знаходзімся ў гукавым асяроддзі з самага моманту нараджэння. Мы слухаем маміны і дзіцячыя песенькі, штосьці навязлівае з тэлевізараў, камп’ютараў, радыё і несвядома ды інтуітыўна фарміруем самыя прымарныя, элементарныя ўяўленні аб музыцы. Пэўныя гарманічныя паслядоўнасці, самыя ўжывальныя, якія гучаць амаль што ва ўсіх песнях/рэкламах/саўндтрэках, становяцца зразумелымі і звычнымі – як булка, кетчуп, катлета ў буреры: чаканы набор інгрэдыентаў робіць нам “смачна”. Калі-некалі да звыклай ежы дадаюцца новыя шчымлівыя інтанацыі і гармоніі, у якасці кунжутнай прысыпкі ці марынаванага агурка, але гэта ўсё роўна бургер. Зразумейце правільна: вулічная ежа і фастфуд таксама бываюць добрымі. Бутэрброд, па цвёрдаму перакананню некаторых нашых выкладчыкаў, - не інакш як дасканалая мадэль Універсума ў найяскравейшай архітэктоніцы. Але знайсці якасны фастфуд вельмі складана, да таго ж, падойдзе час спрабаваць “высокую кухню”. І для таго, каб умець у ёй разбірацца і не аблажацца на званым абедзе і (што самае галоўнае) з задавальненнем яе спажываць, - вось тут патрэбна сістэмнае выхаванне. У нашым выпадку гэта выглядае так: папулярная музыка будзе зразумелай для ўсіх, хто мае вушы. Для таго, каб музыка акадэмічная, якая ўключае творы, неабходныя для любога культурнага чалавека, была даступнай і зразумелай, патрэбна спецыяльнае выхаванне. Як ні круці. Тое, што ўмоўны Вася сцвярджае, што ён нідзе не вучыўся, але любіць слухаць музыку, - яшчэ не доказ працілеглага таму, што мы тут пішам. Умоўны Вася сапраўды аматар-меламан і любіць музыку, прычым самую розную: Білі Джоўэла, Сяргея Рахманінава, Антона Брукнера, Джузэпэ Вэрдзі і Барыса Грэбеншчакова, і гэта толькі пачатак спіса. Але ільвіная доля з таго, што Вася слухае, так і будзе малазразумелай гукавой масай. Для Васі гэта проста булка, кетчуп і катлета. Шмат чаго з духоўнага вопыта чалавецтва, увасобленае у гуках сімфоній і опер, застанецца для Васі недаступным. І ў шчырай гутарцы з кубкай гарбаткі меламан Вася прызнаўся б вам, што адсутнасць музычнай адукацыі – не інакш, як прыкрая недарэчнасць часоў дзяцінства. Проста Вася не хацеў хадзіць у музычную школу, таму што там нудна.
Метад Брайніна накіраваны на тое, каб самую сур’ёзную базу для засваення складанай музычнай мовы падаваць нянунда і з улікам таго, як дзіця найлепш засвойвае інфармацыю і аўтаматызуе навык – то бок выкарыстоўваючы апошнія данныя псіхалогіі, нейрафізіялогіі, семіотыкі, лінгвістыкі – карацей, таго, што да звыклага “Дзеці, разгарнулі нотныя сшыткі” быццам бы зусім дотыку не мае. На занятках паводле метаду мы выкарыстоўваем абсалютна ўсе каналы для засваення інфармацы: вербальны, праз дробную і буйную маторыку, колер і асацыятыўны ланцуг - спадзяючыся, што хаця б адзін спрацуе як трэба. І ведаеце, працуе. У тым, што тычыцца развіцця пачуцця рытму, інтанавання, слыху, то бок музычнай граматы, метад гарантуе вынік. А таксама дае надзею на адтэрмінаваны рэзультат – свядомую асобу, для якой культурныя каштоўнасці і вопыт расцэньваюцца як рэальныя і важныя. Калі вам цікава, але яшчэ не ўсё зраумела, вы можаце пакінуць пытанне для нашых выкладчыкаў. АБ АЎТАРЫ
 Нарадзіўся ў 1948г у сям'і аўстрыйскага палітэмігранта, паэта і перакладчыка паэзіі на наямецкую мову. Прэзідэнт Расійскай агульнанацыяналнай секцыі ІСМЕ (ISME) Член (акадэмік) Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі. Запрошаны прафесар Венскай вышэйшай школы музыкі і тэатра, Вышэйшай школы музыкі "Моцартэум", Зальцбург, Італьянскага цэнтра даследванняў у музычнай дыдактыцы (Фларэнцыя), Калумбійскага тэхналагічна-педагагічнага універсітэта і інш. Кіраўнік навукова-метадычнай лабараторыі "Новыя тэхналогіі музычнай і музычна-педагагічнай адукацыі" Маскоўскага педагагічнага дзярж. універсітэта.
Ініцыятар і мастацкі кіраўнік міжнароднага конкурса музыкантаў-выканаўцаў Classica Nova, памяці Д.Д.Шастаковіча, Гановер, 1997 Дырэктар музычнай школы ў Гановеры. Віцэ-прэзідэнт некамерцыйнага ферэйна Classica Nova (арганізацыя конкурсаў кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў). Віцэ-прэзідэнт Гановерскага талстоўскага фонду. Эссэістыка на радыё "Свабода" (1991-1997), у расійскіх і нямецкіх СМІ. Крытыка і навуковыя публікацыі ў Аўстрыі, Германіі, Галандыі, Італіі, Расіі, ЗША, Францыі, ЮАР.
Валерый Барысавіч Брайнін (Віллі Брайнін)
ЧП: ЧАСТЫЯ ПЫТАННІ
1.Што такое музычнае мысленне? Музычнае мысленне, ці лепш – музычны інтэлект – паняцце шырокае. Паводле метаду Брайніна, музычнае мысленне – гэта здольнасць чуць музычны твор як цэласны, зразумелы слухачу тэкст з пэўным зместам і заканамерным развіццём так званай музычнай мовы. Здольнасці да ўспрымання музыкі ёсць у кожнага чалавека, у кожнага дзіцяці з нараджэння, аднак, каб навучыцца разумець музычную мову, якая гучыць у лепшых узорах сусветнага мастацтва, неабходна мэтанакіравана развіваць гэты навык. Гэтым і займаецца методыка Брайніна. 2.Заняткі паводле метаду Брайніна – гэта варыянт рускага сальфеджыа? Заняткі паводле метаду ахопліваюць аб’ём курса сальфеджыа ў музшколах. Акрамя навыкаў, якія развіваюць падчас традыцыйных заняткаў – спевы па нотах, рытмізацыя, чытанне нот “з ліста”, развіццё слыху і гэтак далей – метад Брайніна ўключае актыўнае слуханне музыкі, непасрэднае знаёмства з творамі музычнай культуры, асновамі складання музыкі і грання на фартэпіяна. Такім чынам, гэта комплексны курс, арыентаваны не толькі на знаёмства з музычнай тэарэтычнай базай, але на разуменне музыкі і яе свядомае ўспрыманне. 3. З якога ўзросту пачынаецца навучанне паводле Брайніна? Пачынаць слухать музыку і музіцыраваць ніколі не рана. Слуханне і спевы ў раннім узросце можна лічыць дарэчнай магчымасцю прышчапіць адчувальнасць да музыкі і падрыхтоўчым этапам для “сур’ёзных” заняткаў. Распрацаваная В.Брайніным праграма разлічана на заняткі з дзецьмі ад 4-5 гадоў, але гэта не абсалютная ўмова. 4. Што адбываецца на занятках? Мы займаемся ў групах па 3-5 чалавек. Матэрыял у форме гульні замацоўваецца заданнямі, у якіх прысутнічае элемент спаборніцтва, таму займацца ў групе весела і цікава. Але варыянт індывідуальнага навучання таксама магчымы. Гарантавана паспяховымі будуць заняткі з рэгулярнасцю 2 разы/тыдзень, у той час як заняткі па аднаму разу на тыдзень будуць не такімі выніковымі. 5. А інструмент? Нягледзячы на тое, што заняткі ўключаюць знаёмства і першаснае авалоданне навыкамі грання на фартэпіяна, гэта не выключае неабходнасці індывідуальных заняткаў на пэўным інструменце (які вы абралі). Варта пачынаць заняткі не адразу, а пасля паўгода ці году групавых заняткаў, але гэта не абавязковая ўмова. 6.Для каго распрацавана методыка – для аматараў музыкі ці для прафесіяналаў? Сістэма Брайніна развівае навык прагназуючага ўспрымання, які адыгрывае выключна важную ролю ў разуменні і інтэрпрэтацыі музыкі, то бок рыхтуе слухача, які разумее і цікавіцца музычнай мовай. Але курс ахоплівае тэарэтычную базу, якая будзе дастатковай для таго, каб працягваць адукацыю ў прафесійных вышэйшых установах. Таму сістэма падыходзіць і для аматараў, і для прафесіяналаў. 7.Колькі год займаюцца паводле метаду Брайніна? Звычайна, акрамя групавых заняткаў развіцця музычнага мыслення, дзеці вучацца іграць на інструменце, якаснае авалоданне якім займае каля 5 год. У выпадку прафесійных намераў навучанне можа працягвацца 7 і больш год – да паступлення ў спецыяльныя навучальныя ўстановы.

Распрацоўка сайта: brainin.by

 

Пры цытаванні спасылка на сайт абавязковая

 

 

Школа Брайніна ў Мінску:

МТС, Viber, WhatsApp: +37529 2591635

mail@brainin.by

skype:brainin.by

© 2017 brainin.by

Карысныя сайты:

grandpiano.by

impreza.by

pianoservice.by