+375(29) 259 16 35 +375(29) 314 35 46
Мінск Карвата, 2
МУЗЫЧНАЯ ШКОЛА БРАЙНІНА Ў МІНСКУ
Дадаткова МЕТАД НАВУЧАННЕ
ШКОЛА

У дапамогу бацькам: аб доміку і каралевах

 

Што такое домік?

 

Домік – гэта графічная мадэль ладу. Лад – гэта сістэма ўзаемасувязі гукаў у музыцы. У мелодыі звычайна ёсць устой, апора – галоўны гук, астатнія гукі маюць адносіны да яго як больш устойлівыя ці менш устойлівыя, карацей, ёсць свая іерархія, якая фармавалася гістарычна працяглы час. Мы не тлумачым дзецям, што такое “лад”, яны проста працуюць на доміку і паступова засвояць гэтую іерархію.

 

Дарэчы, у традыцыйнай сістэме таксама не ідзе гаворка аб ладзе спачатку. Дзеці вывучаюць ноты – ад “до” да “сі” (знакамітае до-рэ-мі-фа-соль-ля-сі), якія складаюцца натуральным чынам у мажорны лад ад ноты до. Што тут дрэннага, дык гэта тое, што до-мажор пачынае быць своеасаблівым клішэ, шаблонам; нота “до” пачынае ўспрымацца выключна як першая ступень, рэ – як другая і г.д. І потым кожная мелодыя, кожны акорд пачынае мысліцца па до-мажоры. У гэтым ёсць свае заганы, і сур’ёзныя. Адсюль пачынаюцца складанасці з працай у танальнасцях, з транспанаваннем, боязь чорных клавішаў і не толькі. Таму такая мадэль ладу, не звязанная з до-мажорам,  - мае пэўнае метадычнае абгрунтаванне і на практыцы дае станоўчыя вынікі (хоць на першы погляд здаецца, што ускладняе жыццё дзецям і асабліва бацькам).

 

Для кожнага паверха ёсць свая назва. Шмат хто выкарыстоўвае рэлятыўныя – адносныя - склады (назвы для паверхаў) па сістэме эстонскага педагога Х.Кальюстэ, мы ў Мінскім філіяле карыстаемся распрацаванымі самім В. Брайніным скаладамі, які размясціў склады згодна лінгвістычным і музычным заканамернасцям, але зараз няма неабходнасці падрабязна пра гэта распавядаць. На маю думку, і тая, і гэтая сістэмы працуюць аднолькава добра, няма пэўнай розніцы, як дзеці называюць паверхі, галоўнае, каб за кожным паверхам (кожнай ступенькай ладу) былі замацаваны рэлятыўныя склады, якія патрэбна проста завучыць.

 

Што тычыцца колеру, то паверхі расфарбаваны невыпадкова ў пэўныя колеры, ёсць заканамернасць, аб якой можна напісаць крыху пазней. Для нас галоўнае ў тым, каб фіксаваць значэнне і становішча паверха ўсімі магчымымі спосабамі. Розныя віды практыкаванняў уздзейнічаюць на розныя зоны мозгу, і мы не можам зараней ведаць, якая з зонаў (артыкуляцыя, маторыка – ручныя знакі, ці асацыяцыі з колерам) будзе дамінуючым для фармавання навыку, дарэчы, асацыяцыі з колерам нярэдка для дзяцей на пэўным этапе з’яўляюцца пераважнымі.

 

І апошняе на гэты раз – ноты. То бок назвы абсалютнай вышыні гукаў. Ля першай актавы гучыць як “ля” і ніякая іншая нота, мае фізічнае значэнне ў 440 герц у першай актаве, таму мы гаворым менавіта аб абсалютнай – пэўна вызначанай -  вышыні. Ноты вывучаем не ад “до” – аб “до-клішэ” ужо напісана, а ад “соль” вялікай актавы. Чаму? Дзеля развіцця тэмбравага слыху (магчымасці адэкватна чуць ноты не толькі ў той зоне, дзе нам зручна пець, але і значна ніжэй і значна вышэй, калі не трэнаваць тэмбравы слых, то навык чуць ноты розных тэмбраў можа так ніколі і не сфармавацца, што пагражае некаторымі праблемамі) і для кантрасту паміж нотамі, якія мы вывучаем. Пасля вельмі нізкай “соль” вельмі высокая “фа” успрымаецца ў момант. Спачатку лепш называць ноты “цёмнымі”, калі яны нізкія і “светлымі”, калі яны высокія. Дарэчы, не ўсе дзеці могуць вызначыць ноту як нізкую ці высокую, для іх гэта пакуль што не відавочныя паняцці, часцей малыя дзеці называюць высокія ноты “тонкімі”, а нізкія – “тоўстымі”. Гэта абсалютна нармальна, больш таго, калі мы ўзгадаем  характарыстыкі гукавых хваляў для нізкіх і высокіх нот, а таксама адпаведную  колькасць абертонаў, то “тонкія” і “тоўстыя” - гэта нават больш лагічна з фізічнага боку з’явы. Разуменне нізкіх і высокіх гукаў сфармуецца паступова, а спачатку адрозніваем “цёмныя” і “светлыя” гукі па асацыяцыі з казкай пра мора і зямлю, дзе жывуць розныя ноты.

Распрацоўка сайта: brainin.by

 

Пры цытаванні спасылка на сайт абавязковая

 

 

Школа Брайніна ў Мінску:

МТС, Viber, WhatsApp: +37529 2591635

mail@brainin.by

skype:brainin.by

© 2018 brainin.by

Карысныя сайты:

grandpiano.by

impreza.by

pianoservice.by